Масленіцу святкавалі ў Дзяржынску

У нядзелю 6 сакавіка Масленіцу святкавалі ў Дзяржынску на Цэнтральнай плошчы. Весела праводзіць зіму і сустрэць вясну запрасілі землякоў і гасцей горада Спадарыня Масленіца і Магутны Ярыла з памочнікамі. Разнастайныя пляцоўкі з гульнямі, забавамі і спаборніцтвамі поўніліся як дзецьмі, так і дарослымі; вабілі фотазоны, выставы і кірмаш майстроў. Надзвычай ўсім спадабалася частаванне і блінамі, і самаварнай гарбаткай. Вялікай папулярнасцю карыстаўся масленічны слуп, на які спрабавалі залезці нават дзяўчаты. Усе пераможцы і актыўныя ўдзельнікі ўзнагароджваліся прызамі і пачастункамі. Канцэртная праграма з удзелам артыстаў Скірмантаўскага, Баравікоўскага, Томкавіцкага, Станькаўскага, Фаніпальскага і Валмянскага дамоў культуры адпавядала сонечнаму настрою гэтага святочнага дня. Завяршылася гулянне спальваннем традыцыйнага масленічнага пудзіла.