135-я гадавіна з дня нараджэння Марка Шагала

7 ліпеня 2022 года адзначаецца 135-я гадавіна з дня нараджэння Марка Шагала.
У Арт-цэнтры Марка Шагала прайшоў круглы стол, арганізаваны ўстановай культуры "Музей Марка Шагала ў Віцебску" і ўстановай "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры".
"Марк Шагал і літаратурная творчасць" - так гучала тэма сустрэчы. Супрацоўнікі музейных інстытуцый абмеркавалі пытанні сінтэзу літаратурнай і візуальнай творчасці мастака, асаблівасці яго паэзіі і прозы, пераклады тэкстаў, выкарыстанне літаратурнай спадчыны творцы ў культурнай і турыстычнай дзейнасці.
У круглым стале таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і віцебскіх бібліятэк.
У другой палове святочнага дня супрацоўнікі Літаратурнага музея разам з віцебскімі калегамі і гараджанамі ўсклалі кветкі да помніка Марку Шагалу і далучыліся да святкавання юбілея мастака ў Доме-музеі Марка Шагала. Тут прайшоў тэатральна-музычны інтэрактыў "З днём нараджэння, Марк!".