Запрашаем наведаць выставу студыі з 3 верасня па 16 кастрычніка ў галерэі “Цэнтр” МАЦНТ

Запрашаем наведаць выставу студыі з 3 верасня па 16 кастрычніка ў галерэі “Цэнтр” МАЦНТ.
Святочнае адкрыццё адбудзецца 3 верасня а 12 гадзіне.
Студыя выяўленчага матацтва для дарослых і юнацтва Палаца культуры г. Салігорска створана ў верасні 1969 года. Кіраўнік студыі з дня яе стварэння — Смунёў Яўген Раманавіч.
У студыі займаюцца людзі рознага ўзросту – ад старшакласнікаў да пенсіянераў. Заняткі праводзяцца па малюнку, жывапісе, скульптуры з улікам інтарэсаў кожнага студыйца, індывідуальна з кожным навучэнцам у залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці. Кампазіцыяй мастакі займаюцца па-за студыяй з наступным разборам творчых работ. Моладзь у асноўным рыхтуецца для паступлення ва ўстановы адукацыі мастацкага профілю. Старэйшае пакаленне папаўняе шэрагі майстроў самадзейнай творчасці.
Інфармацыя аб творчай дзейнасці Студыі выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва імя Яўгена Смунева дзяржаўнай установы «Палац культуры г. Салігорска»
Студыя выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва ДУ «Палац культуры г.Салігорска» пачала працу ў 1969 годзе. У межах дзейнасці дзяржаўнай установы «Палац культуры г. Салігорска» работа студыі вядзецца з 2002 года. Нязменны кіраўнік студыі – Яўген Раманавіч Смунёў. За больш чым пяць дзесяцігоддзяў існавання студыі да выяўленчага мастацтва далучыліся больш за 800 удзельнікаў творчага калектыву: рабочыя, служачыя, навучэнцы. З іх больш за 100 чалавек працягнулі мастацкую адукацыю на прафесійным узроўні ў розных творчых установах вышэйшай адукацыі Беларусі і замежжа.
Немалая роля ў поспехах студыйцаў належыць асобе Я.Р.Смунёва, які не толькі мае высокі аўтарытэт у прафесійным мастацкім асяроддзі, але і зарэкамендаваў сябе як выдатны педагог, што падрыхтаваў не адно пакаленне творцаў. Педагагічныя метады, выпрацаваныя Я.Р.Смунёвым, дазволілі дасягнуць студыі выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва значных вынікаў.
Сістэма засваення ведаў у галіне выяўленчага мастацтва ў студыі пабудаваная на традыцыях акадэмічнага навучання. Студыйцы паслядоўна атрымліваюць базавыя навыкі малюнка і кампазіцыі, якія дазваляюць у далейшым ствараць аўтарскія работы на высокім выканальніцкім узроўні. У сваёй рабоце Я.Р.Смунёў выкарыстоўвае індывідуальны падыход да кожнага ўдзельніка студыі. Зыходзячы з творчых магчымасцей і схільнасцей студыйцаў педагог выбудоўвае для кожнага сваю мадэль навучання.
Неабходна адзначыць унёсак студыі выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва ДУ «Палац культуры г.Салігорска» у развіццё культурнага жыцця горада і спрыянне творчай рэалізацыі гараджан самага рознага ўзросту. Удзельнікі студыі ад старшакласнікаў да пенсіянераў актыўна бяруць удзел у шматлікіх творчых мерапрыемствах: выстаўках, фестывалях і інш. Пачынаючы з 1977 года і да сённяшняга часу студыйцы атрымліваюць сведчанне прызнання высокага ўзроўню творчых дасягненняў на шматлікіх конкурсах. Так, толькі ў 2021 годзе ў Рэспубліканскім конкурсе творчых работ, прысвечанаму Году народнага адзінства (арганізатар – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі) прынялі ўдзел студыйцы А.А.Сырунін, О.А.Вінаградава, Л.Я.Паўлоўская, Ю.А.Базыкін. Усе ўдзельнікі былі адзначаны сертыфікатамі, а Ю.А.Базыкін стаў пераможцам (1 месца) у намінацыі «Выяўленчае мастацтва».
Вынікі творчай дзейнасці студыі выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва ДУ «Палац культуры г.Салігорска» адпавядаюць нацыянальным культурным традыцыям. Шляхам заняткаў удзельнікі студыі далучаюцца да каштоўнасцей, выпрацаваных айчыннай школай жывапісу. Тэматыка работ студыйцаў закранае шматлікія аспекты гісторыі і культуры Беларусі.
Творчыя дасягненні студыі выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва ДУ «Палац культуры г.Салігорска» асвятляюцца ў мясцовых і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі: Салігорскім тэлевізійным канале, газеце «Шахцёр», газеце «Савецкая Беларусь» і інш.