Валерыя Грэчанкова: Беларусь — гэта наш агульны агмень, які мы, жанчыны, аберагаем

270

Чатыры гады таму яна змяніла сталічную прапіску на месца жыхарства ў Жодзіне. Менавіта ў гэтым горадзе — радзіме беларускіх волатаў-самазвалаў — кіраўнік Жодзінскай гарадской арганізацыі Беларусскага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Валерыя Грэчанкова знайшла сваё прызнанне. Музыкант, якая віртуозна валодае акардэонам, лічыць, што яе справа — прыносіць людзям не толькі радасць і свята, але яшчэ і карысць. Тыя грамадскія ініцыятывы, праекты, культурныя мерапрыемствы, што ствараюцца Валерыяй, вядомыя далёка за межамі рэгіёна. І доказам гэтаму — шматлікія ўзнагароды, занясенне на Дошку гонару, перамогі ў конкурсах, званні «Малады лідар Міншчыны», «Жанчына Міншчыны», «Найлепшы работнік культуры». Аднак званне «Жанчына года — 2020», прысуджанае Беларускім саюзам жанчын, яна лічыць асаблівым.

— Валерыя, вы пераможца XІІІ Рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын «Жанчына года — 2020» у намінацыі «Духоўнасць і культура». Раскажыце, што гэтаму папярэднічала?

— Вядома, стаць «Жанчынай года — 2020» у намінацыі «Духоўнасць і культура» — асаблівы гонар і ўзнагарода. Па маёй ініцыятыве і пры маім удзеле было рэалізавана шмат цікавых праектаў у культурным жыцці горада Жодзіна, а таксама шэраг буйных лакальных імпрэз, што былі арганізаваны ў Жодзінскай дзіцячай школе мастацтваў. Напрыклад, праект «Гукі горада» — тыднёвы марафон канцэртаў пад адкрытым небам, які адбыўся ў чэрвені 2018 года. Пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жодзінскага гарвыканкама на пачатку чэрвеня 2019 года прайшла маштабная канцэртная імпрэза — фэст джазавай музыкі Zhodіno JAZZ Fest. Гэта быў двухдзённы марафон джазавых калектываў з усёй краіны і блізкага замежжа. Ён праходзіў на пляцоўцы ў нашым гарадскім парку. А 3 ліпеня 2020 года стартаваў праект «Нясумны горад» — цыкл тэлеперадач, якія выходзяць раз на месяц на мясцовым тэлеканале. Праект рэалізоўваецца супольна з усімі ўстановамі культуры нашага горада. Гэта ўсё мае «дзеці», з'яўленнем якіх я вельмі ганаруся! Я імкнуся збіраць творчых, ініцыятыўных, крэатыўных, культурных людзей разам, каб зрабіць наша жыццё крыху цікавейшым, а святы — ярчэйшымі!

— Як гэта ўзнагарода паўплывала на вас, што, магчыма, змяніла, ці з'явіліся новыя праекты, планы, задумкі?

— Насамрэч, гэтая ўзнагарода ўмацавала веру ў свае сілы, ідэі, працу. Планы? Вядома! У мяне шмат новых ідэй! Не заўсёды хапае часу, каб увасобіць у жыццё ўсе, што задумала! Але я да гэтага імкнуся. Цяпер працую над некалькімі буйнымі задумкамі. Спадзяюся, што хутка змагу паказаць іх гледачам. Планы звычайна не раскрываюць (усміхаецца), каб не сапсаваць. Магу сказаць, што гэтыя праекты звязаны з савецкімі фільмамі і з той цудоўнай музыкай, якая гучала ў іх.

— Раскажыце, як даўно вы з'яўляецеся членам Беларускага саюза жанчын?

— У Беларускім саюзе жанчын я адносна нядаўна, з 2018 года.

Люблю сваю працу, і лічу, што змагу рэалізаваць шмат праектаў, якія зробяць нашых, у тым ліку гарадскіх, выканаўцаў больш папулярнымі і запатрабаванымі. А БСЖ збірае ў сваіх шэрагах менавіта творчых, актыўных і неабыякавых жанчын, якія хочуць змяніць жыццё ў лепшы бок. І змяняюць яго ў шмат якіх кірунках. У тым ліку і ў культуры! Чаму б не?!

— Валерыя, на ваш погляд як лідара, якая яна, сучасная беларуская жанчына?

— Сучасная беларуская жанчына, на мой погляд, — спалучэнне розуму, устойлівасці, спакою з велізарным клопатам пра людзей. Уменне аналізаваць падзеі і зменлівае становішча, разумна і разважліва прымаць рашэнні, вучыцца на памылках і рабіць слушныя высновы, рухацца наперад і пры гэтым клапаціцца пра сваю сям'ю, бацькоў, блізкіх і дарагіх людзей, калег, — напэўна, гэта тыя якасці, якія павінны быць уласцівыя сучаснай беларускай жанчыне.

— Вы аўтар праграмы мясцовага жодзінскага тэлебачання «Нясумны горад»...

— О... «Нясумны горад» — гэта цэлае асобнае жыццё! Ідэя праекта паўстала пасля некалькіх, не такіх буйных, падобных работ і рэалізавалася да 3 ліпеня 2020 года. Тады і выйшаў першы выпуск «Нясумнага». Перадача выходзіць адзін раз на месяц і складаецца з розных рубрык, якія вядуць настаўнікі, экскурсаводы, кіраўнікі творчых студый і гурткоў, музыканты. У «Нясумным горадзе» мы расказваем пра гісторыю нашага горада, памятныя даты, пра самабытныя народныя святы, якія адзначалі нашы продкі, і традыцыі якіх дайшлі да нашых дзён, пра незвычайныя музычныя калектывы і сучасныя кірункі ў музыцы, асаблівасці жывапісу, камп'ютарнай графікі, мазаікі, лепкі ды іншыя. Таксама ёсць рубрыкі, прысвечаныя моладзі, у якіх мы знаёмім з маладзёжным слэнгам і дапамагаем старэйшаму пакаленню лепш разумець мову сучасных тынэйджараў, разбіраем нюансы этыкету. Мы здымаем адмысловыя відэаролікі, прысвечаныя прафесійным святам ці іншым святочным датам, напрыклад, Дню настаўніка, Дню работніка культуры, Дню інваліда, Дню пажылых людзей, Адзінаму Дню бяспекі Мінскай вобласці і іншым. У гэтай праграме бяруць удзел усе мясцовыя ўстановы культуры. Слоган нашай перадачы — «Усё самае цікавае, самае эксклюзіўнае, самае смачнае і сучаснае тут!» Праект можна паглядзець на YouTube, ёсць суполка «УКантакце! і старонка ў «Аднакласніках». Новым сябрам і падпісантам мы заўсёды рады!

— Валерыя, а як даўно ў вашым жыцці акардэон?

— Акардэон з'явіўся ў маім жыцці, як ні дзіўна, выпадкова... Я не планавала займацца музыкай, і тым больш — быць прафесійным выканаўцам! (смяецца) У вельмі далёкім дзяцінстве мой хросны тата хацеў іграць, і бабуля, сабраўшы апошнія грошы (каштуе ж акардэон нямала), купіла яму інструмент. На жаль, жадання хроснага хапіла літаральна на некалькі ўрокаў, і з таго часу акардэон шмат гадоў пыліўся на паліцы. Аднак на адным з сямейных свят інструмент апынуўся ў руках хроснага, які з вялікай радасцю паспрабаваў нешта сыграць! Мне вельмі спадабаўся тэмбр інструмента, падаўся нейкім незвычайным, пераліўным. Усе ігралі на фартэпіяна, скрыпцы ці займаліся вакалам. А тут — такое спалучэнне: і клавіятура фартэпіяна, і акампанаваць можна пры спяванні! Увогуле, вырашыла пайсці ў музычную школу. А потым — канцэрты, конкурсы... Так і засталася ў музыцы.

— Для дзяўчыны гэта дастаткова цяжкі музычны інструмент...

— Акардэоны бываюць розныя. Мой першы інструмент важыў каля сямі кілаграмаў. Потым з'явіўся нямецкі акардэон — каля дзесяці кілаграмаў. Гатова-выбарны, прафесійны канцэртны акардэон важыць каля 20 кілаграмаў. Цяпер я іграю на электронным акардэоне. Яго вага — дзевяць кілаграмаў. Напэўна, трэніроўкі з інструментам на сцэне мяне загартавалі (смяецца), і я абавязкова звяртаю ўвагу на вагу! Але ў спартыўную залу ўсё ж трэба! Акардэон — універсальны інструмент. На ім можна іграць і класічную, і народную, і сучасную, і электронную музыку. А як гучыць акардэон у джазе!

— Падзяліцеся сакрэтамі, як можна захапіць дзяцей гэтым цудоўным інструментам?

— Я вучыла і вучу дзяцей любіць справу, якой займаешся. Толькі тады можна атрымаць зваротную рэакцыю ад гледача, слухача. Захапіць музыкай немагчыма. Але магчыма ў ёй разабрацца, навучыцца чуць і адчуваць нюансы, разумець кампазітара без слоў і імправізаваць! А вось тут і нараджаецца любоў да мастацтва! Яна «неспадзявана надыдзе...» і, хутчэй за ўсё, застанецца назаўжды!

— Што самае цяжкае ў педагогіцы, на ваш пагляд?

— Як казаў мой навуковы кіраўнік Аляксандр Іванавіч Кавалёў, «педагогіка — вялікая навука». І навука вельмі перспектыўная, прадукцыйная і цікавая! Для мяне ў працы з дзецьмі самае складанае — гэта, як ні дзіўна, заставацца добрым прыкладам. Дзеці — вялікія парадысты! Яны паўтараюць за намі рухі, фразы, капіруюць манеры. У дзецях бачыш адлюстраванне бацькоў ці настаўнікаў. Дзяцей нават не трэба гэтаму вучыць! У іх гэта закладзена ад прыроды. Часам даводзіцца не вучыць іграць на інструменце, а даваць жыццёвыя парады, і пасля гэтага дзіця зусім па-іншаму глядзіць на твор, на музычны вобраз. Таму імкнешся перадаць ім добры прыклад у музыцы, у паводзінах, у жыцці ў цэлым.

— Ведаю, што сёлета вы спынілі сваю настаўніцкую дзейнасць.

— Так, праца настаўнікам па класе акардэона ў жодзінскай дзіцячай школе мастацтваў суправаджалася яркімі і запамінальнымі праектамі. Аднак яшчэ я займаю пасаду кіраўніка Жодзінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафессійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Таму, вядома, гэта ўсё вымагае шмат сіл і часу. Зараз я займаюся сваімі творчымі праектамі. Разам з мужам Канстанцінам, які цудоўна іграе на саксафоне, мы часта прымаем удзел у гарадскіх святах, таксама наведваем усе буйныя арганізацыі горада. Магчыма, чакаю і новых прапаноў ад патэнцыйных працадаўцаў (смяецца)!

— Што прыўнёс Год народнага адзінства ў вашу творчую дзейнасць?

— Усе мерапрыемствы па-ранейшаму праводзяцца, адзінае, што больш задзейнічаем нашу беларускую сімволіку, арнамент. У нас з'явіліся новыя прыгожыя беларускія касцюмы. Сталі выконваць больш беларускай музыкі, гэта, шчыра, радуе. У музычнай школе, напрыклад, раней ігралі больш праграмныя п'есы, было мала музыкі менавіта беларускіх аўтараў. Цяпер жа гэта і «Бульба», і «Лявоніха»... Зараз робіцца большы акцэнт на сваю культуру.

— Валерыя, як вы лічыце, якую ролю адыгрывае БСЖ для Беларусі? Наколькі гэты саюз важны ў нашай краіне?

— Саюз жанчын выконвае вельмі важныя функцыі. БСЖ павялічвае статус жанчын у грамадстве, іх ролю ва ўсіх сферах жыцця краіны, дапамагае ў дасягненні грамадзянскага паразумення, міру паміж народамі, ліквідацыі ўсіх формаў гвалту і дыскрымінацыі, спрыяе ахове і паляпшэнню здароўя жанчын, павышэнню якасці іх жыцця, абараняе правы жанчын, дзяцей, займаецца ўмацаваннем сям'і. Усе гэтыя мэты рэалізоўваюцца нашымі, жаночымі, чуйнымі рукамі і сэрцамі, і такім чынам, наша краіна рухаецца наперад і робіцца больш камфортнай і ўтульнай для жыхароў. Беларусь — гэта наш агульны агмень, які мы, жанчыны, падтрымліваем, аберагаем і робім лепш!

Гутарыла Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва гераіні

Наши контакты

Наш адрес

220030, г.Минск, пл.Свободы, 23

mingorkultura@yandex.by

Телефоны

Тел: 8 (017) 323-58-59

Тел (факс): 8 (017) 347-01-44

Тел: 8 (017) 236-09-40

Время работы

Пн-чт: 09.00 - 17.30

Пт: 09.00 - 16.40

Сб-вс: выходной

Обеденный перерыв: 12.40 - 13.00