ПРАФСАЮЗЫ БЯРЭЗIНШЧЫНЫ САБРАЛІ ДЗЕЦЯМ ПАРТФЕЛІ Ў ШКОЛУ
.jpg)
Бярэзiнскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з прафаюзнымі арганізацыямі горада правялі ў цэнтры рамёстваў акцыю «Збяром партфель у школу», на якую сабраліся бацькі і дзеткі – будучыя сёлетнія першакласнікі.
Збіраць дзетак у першы клас заўсёды няпростая справа, а ў шматдзетных сем’ях у гэтым плане клопатаў наогул нашмат больш, чым у тых сем’ях, дзе гадуюцца адно-два дзіцяці. І тут на дапамогу заўсёды прыходзяць наймальнікі і прафсаюзы, якія матэрыяльна падтрымліваюць бацькоў, збіраючы дзеткам партфелі ў школу.
З прывітальным словам выступіла на мерапрыемстве старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, якая прапанавала малым гульню «адгадай загадку – атрымай падарунак». Варта зазначыць, эрудыцыя будучых першакласнікаў аказалася на належным узроўні. Здаецца, без падарунка па выніках гульні не застаўся ніхто. Потым дзеці атрымалі наборы першакласніка.
Асобна былі адзначаны дзеці-блізняткі са шматдзетных сем’яў, якія сёлета таксама ідуць першы раз у першы клас: Аліна і Мальвіна Бурыя, Крысціна і Карына Жукоўскія, Яўгеній і Мацвей Чарнаўцы.
Дарэчы, падарункам ад прафсаюзаў былі рады ўсе бацькі.
– Добрае мерапрыемства, своечасовая падтрымка, мы вельмі задаволеныя, – падзялілася Валянціна Бурая, шматдзетная матуля, якая працуе паштальёнам. – Рыхтуем да школы дзвюх дачушак. Гэта ў пэўным сэнсе напружаны перыяд, але спраўляемся, дзякуй нашым прафсаюзам.
– А ў нас сёлета дачка Кіра ідзе ў першы клас, і для мяне гэта таксама першы раз! – зазначыў шчаслівы тата Уладзімір Саскавец. – Маральна гатовыя, падарункам вельмі рады, удзячны прафсаюзу. Нягледзячы на крыху спякотнае надвор’е, настрой выдатны!
А вось маленькі Яніслаў Цітоў, або скарочана Яніс, прыйшоў на мерапрыемства разам з бабуляй Марыяй Аляксееўнай. Сфатаграфаваліся на памяць разам са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Беларусбанка Ганнай Бондар. У «Беларусбанку» працуе і мама Яніса.
– Трэцяга ўнука адпраўляем у школу, – гаворыць бабуля хлопчыка. – Нашы прафсаюзы, наогул, выдатныя, падтрымцы рады.
Дарэчы, наборы першакласніка сёння атрымалі звыш 100 дзетак. У наборы прадугледжана ўсё, што можа спатрэбіцца дзіцяці: сшыткі, алоўкі, лінейкі, фарбы, пэндзлі, пластылін, каляровая папера, альбомы для малявання, ручкі, клей.
– Падобныя акцыі ў нас праводзяцца не першы год і даўно сталі традыцыйнымі, – пракаментавала Алена Токан. – Стараемся дапамагаць людзям, падтрымліваць, рабіць усё, што ў нашых сілах.
Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства наведалі з экскурсіяй музей драўлянай лыжкі.
Аляксандр Бычкоўскі, фота аўтара